Буржуазныя рэформы 1860 — 70-х гадоў і контррэформы 1880 — 90-х гадоў

Дата: 12.03.2014

		

Буржуазныя рэформы 60 — 70-х гадоў і контррэформы
80 — 90-х гадоў

Рэформа 1861 г.
ліквідавала галоўную перашкоду, што стрымлівала развіццё капіталізму ў Расіі —
прыгоннае права. Аднак гэтага было недастаткова. Каб рухацца наперад да
сапраўды буржуазнага грамадства, Расіі былі патрэбны іншыя рэформы дзяржаўна-палітычнага
ладу. У 60 — 70-я гады ўрад Аляксандра II прыняў шэраг пастаноў аб правядзенні
такіх рэформ: земскай, судовай, гарадской, ваеннай, у галіне народнай адукацыі
і друку.

3 усіх рэформ самай
радыкальнай з’яўлялася судовая. Новыя судовыя статуты, якія былі прыняты 20
лістапада 1864 г., рашуча парывалі з існаваўшым раней у Расіі судовым ладам.
Новы суд будаваўся на бессаслоўных прынцыпах. Абвяшчаліся нязменнасць суддзяў,
незалежнасць суда ад адміністрацыі, вусны характар, спаборнасць і галоснасць
судовага працэсу. Пры разглядзе крымінальных спраў прадугледжваўся ўдзел у
судовым працэсе прысяжных засядацеляў, ствараўся інстытут прысяжных павераных
(адвакатаў). Працэс папярэдняга следства перадаваўся ад паліцыі судовым
следчым. Значна скарачалася сістэма судаводства. Першай інстанцыяй стаў міравы
суд з адзіным суддзёй, другой — з’езд міравых суддзяў, потым ішлі акруговыя
суды (у губернях) і судовыя палаты (аб’ядноўвалі некалькі губерняў). Для ўсіх
судоў імперыі існавала адзіная апеляцыйная інстанцыя — сенат. Міравыя суддзі
павінны былі выбірацца на павятовых земскіх сходах і ў гарадскіх думах. Члены
судовых палат і акруговых судоў зацвярджаліся імператарам, а міравыя суддзі
-сенатам. Нагляд за дзейнасцю судовых устаноў ажыццяўлялі пракуроры, якія падначальваліся
непасрэдна міністру юстыцыі. Разам з тым судовая рэформа пакідала валасны суд
для сялян (па грамадзянскіх і дробных крымінальных справах), духоўны суд
(кансісторыю) па справах духавенства і ваенныя суды для вайскоўцаў. Вышэйшыя
дзяржаўныя чыны падлягалі Вышэйшаму крымінальнаму суду.

На Беларусі судовая
рэформа пачалася толькі ў 1872 г. з увядзення міравых судоў. Аднак міравыя
суддзі, у адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі, тут не выбіраліся, а
назначаліся міністрам юстыцыі. Акруговыя суды, прысяжныя засядацелі і прысяжныя
павераныя з’явіліся ў заходніх губернях толькі ў 1882 г. Спіс прысяжных
засядацеляў таксама зацвярджаўся ўладамі. Усё гэта было вынікам паўстання 1863
— 1864 гг. — самадзяржаўе не давярала мясцовым памешчыкам, сярод якіх былі
моцныя прапольскія настроі.

Земская рэформа,
аб’яўленая 1 студзеня 1864 г., прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях
выбарных устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай,
медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і іншымі справамі непалітычнага
характару. На Беларусі ў сувязі з падзеямі 1863 — 1864 гг. уводзіць выбарныя
ўстановы царскі ўрад не адважыўся. Палітыка недаверу мясцовым памешчыкам
працягвалася ажно да 1911 г., калі ва ўсходніх губернях Беларусі былі створаны
земствы, і то згодна са спецыяльным выбарчым законам.

Са спазненнем на 5 гадоў
на Беларусі была праведзена гарадская рэформа (прынята ў 1870 г., а на Беларусі
пачалася ў 1875 г.). Яна абвяшчала прынцып усесаслоўнасці пры выбарах органаў
гарадскога самакіравання — гарадской думы і гарадской управы на чале з
гарадскім галавой. Аднак права выбіраць і быць абранымі ў гарадскую думу
атрымалі толькі тыя, хто плаціў гарадскія падаткі. У сваю чаргу, яны
падзяляліся на тры выбарчыя курыі (у залежнасці ад памеру выплочваемага ў гарадскую
казну падатку). У першую ўваходзілі найболып буйныя плацельшчыкі, якія плацілі
трэць агульнай сумы гарадскіх падаткаў; у другую — сярэднія
падаткаплацелыпчыкі, яны таксама плацілі трэць гарадскіх падаткаў; у трэцюю —
дробныя падаткаплацелыпчыкі, што выплочвалі астатнюю трэць агульнай сумы. Пры
гэтым кожная курыя выбірала аднолькавую колькасць членаў гарадской думы
(галосных). Такім чынам, уведзеная сістэма гарадскога самакіравання
забяспечвала ўладу буйной буржуазіі — купцам, прадпрымальнікам, уладальнікам
нерухомасці. Рабочыя, служачыя, інтэлігенцыя, якія складалі асноўную масу
насельніцтва гарадоў, не мелі магчымасці ўдзельнічаць у гарадскім самакіраванні
як непадатковае насельніцтва.

Гарадская дума
падначальвалася непасрэдна сенату, а не мясцовай адміністрацыі, аднак нагляд за
дзейнасцю думы ажыццяўляў губернатар праз спецыяльна створаныя губернскія
ўстановы па гарадскіх справах, Гарадскі галава ў буйных гарадах зацвярджаўся на
сваёй пасадзе міністрам унутраных спраў, а ў дробных — губернатарам. Кампетэнцыя
гарадскога самакіравання была абмежавана вузкімі рамкамі чыста гаспадарчых
пытанняў: добраўпарадкавання тэрыторыі горада, арганізацыі гарадскога гандлю і
транспарту, народнай адукацыі і аховы здароўя, прыняцця санітарных і
супрацьпажарных мер. Дума мела права абкладваць падаткамі маёмасць і прыбыткі
прыватных асоб, але ў вельмі абмежаваных памерах — не болып за 1 % кошту
нерухомасці альбо гандлёвага ці прамысловага прыбытку. Пры гэтым болып паловы
сабраных сродкаў выкарыстоўвалася не на гарадскія, а на казённыя патрэбы —
утрыманне паліцыі і органаў улады. Разам з тым, нягледзячы на значную
абмежаванасць, рэформа гарадскога самакіравання ўсё ж такі здолела замяніць
былыя феадальныя саслоўна-бюракратычныя органы гарадскога кіравання на новыя,
заснаваныя на буржуазным прынцыпе маёмаснага цэнзу.

Рэфармаванне арміі ў
Расіі пачалося ў 1862 г., калі былі ўтвораны 15 ваенных акруг і скарочаны
тэрмін службы ў сухапутным войску да 7 і на флоце да 8 гадоў. У 1867 г. быў
прыняты новы ваенна-судовы ста«і»ут, які выходзіў з прынцыпаў судовай рэформы
1864 г. Уводзіліся тры судовыя інстанцыі — палкавы, ваеннаакруговы і галоўны
ваенны суд. На час вайны ствараўся Галоўны палявы ваенны суд. Рашэнні ваенных
судоў падлягалі зацвярджэнню палкавога і акруговага военачальнікаў.

Разам з тым у расійскай
арміі яшчэ працягваў дзейнічаць саслоўны прынцып камплектавання войска. 1
толькі закон 1874 г. увёў усеагульную воінскую павіннасць. Усе мужчыны з
20-гадовага ўзросту павінны былі служыць у войску (выключэнне рабілася толькі для
карэннага насельніцтва Сярэдняй Азіі, Казахстана, Сібіры і Поўначы). У
сухапутных войсках тэрмін службы паніжаўся да 6 гадоў абавязковай і 9 гадоў у
запасе, на флоце — адпаведна да 7 і 3 гадоў. Таксама ўводзіліся льготы для
людзей, якія мелі адукацыю. Тыя, хто скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы,
служылі 6 месяцаў, гімназіі — 1,5 года, гарадскія вучылішчы — 3, пачатковыя
школы — 4 гады. Такім чынам, з увядзеннем усеагульнай воінскай павіннасці ў
Расіі былі фармальна рэалізаваны буржуазныя прынцыпы камплектавання арміі. Але
на практыцы саслоўнасць не была ліквідавана. Сярод расійскага афіцэрства
пераважалі дваране, а ўвесь цяжар салдацкай службы неслі ніжэйшыя саслоўі,
пераважна сяляне, таму што прывілеяваныя саслоўі дзякуючы высокай адукацыі і
іншым ільготам фактычна вызваляліся ад службы ў войску.

Буржуазны характар насілі
таксама школьная рэформа 1864 г. і цэнзурная рэформа 1865 г. Школа абвяшчалася
ўсесаслоўнай, павялічвалася колькасць пачатковых школ, уводзілася пераемнасць
розных ступеняў навучання. Гімназіі падзяляліся на класічныя і рэальныя
(апошнія пазней пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы). У класічных гімназіях у
аснову навучання было пакладзена выкладанне т.зв. класічных моў — грэчаскай і
лацінскай, а таксама гуманітарных дысцыплін. Рэальныя гімназіі павялічвалі
аб’ём выкладання матэматыкі і прыродазнаўства за кошт старажытных моў.
Скончыўшыя класічныя гімназіі атрымлівалі права паступаць без экзаменаў ва
універсітэты. Доступ ва універсітэты тым, хто скончыў рэальныя гімназіі, быў
абмежаваны. Яны маглі паступаць пераважна ў вышэйшыя тэхнічныя навучальныя
ўстановы. Увогуле, з-за даволі высокай платы за навучанне магчымасць атрымаць
добрую адукацыю мелі пераважна прадстаўнікі прывілеяваных і заможных саслоўяў.
Для жыхароў Беларусі становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ў краі не было
ніводнай вышэйшай навучальнай установы.

Новы цэнзурны статут,
прыняты ў 1865 г., значна пашыраў магчымасці друку. Адмянялася папярэдняя
цэнзура для твораў памерам не менш як 10 друкаваных аркушаў, а для перакладаў —
20. Выданні меншых памераў абавязкова падлягалі папярэдняй цэнзуры. Буйным
перыядычным выданням дазвалялася выходзіць без папярэдняй цэнзуры, але толькі
пры ўнясенні вялікіх грашовых закладаў. Пры гэтым органы ўлады мелі права
кантролю і прымянення розных санкцый да парушальнікаў закону аб друку — ад
грашовага спагнання да закрыцця «нядобранадзейных» газет і часопісаў.
Аднак гэта тычылася перш за ўсё цэнтральных выданняў і выдавецтваў. На Беларусі
да сярэдзіны 80-х гадоў усе перыядычныя выданні залежалі ад урадавых устаноў і
праваслаўнай царквы.

Такім чынам, буржуазныя
рэформы 60 — 70-х гадоў XIX ст., пачынаючы з адмены прыгоннага права, прывялі
да значных змен у палітычным жыцці Расіі. Быў зроблены крок наперад па шляху
пераўтварэння феадальнай манархіі ў буржуазную. Разам з тым яны неслі ў сабе
перажыткі прыгонніцтва, былі непаслядоўныя і абмежаваныя. Вялікія адрозненні і
адтэрміноўкі ў правядзенні рэформ на Беларусі надавалі ім яшчэ больш абмежаваны
і непаслядоўны характар у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі.

Пасля забойства
нарадавольцамі імператара Аляксандра II у 1881 г. ва ўнутранай палітыцы Расіі
адбыліся значныя змены. У кіраўніцтве дзяржавы перамогу атрымалі кансерватыўныя
колы. У выніку 80 — 90-я гады ўвайшлі ў гісторыю як перыяд контррэформ. У 1882
г. быў устаноўлены строгі адміністрацыйны нагляд за газетамі і часопісамі. Іх
рэдакцыі павінны былі па першым патрабаванні Міністэрства ўнутраных спраў
называць імёны аўтараў, якія друкаваліся пад псеўданімамі. Узмацніліся рэпрэсіі
супраць прагрэсіўных выданняў, многія з якіх былі хутка зачынены зусім.

У 80-я гады ўрад прыняў
шэраг пастаноў, якія ўводзілі шмат абмежаванняў у сістэму адукацыі. Так,
Палажэнне аб царкоўнапрыходскіх школах, якое было выдадзена ў 1884 г.,
падкрэслівала рэлігійную аснову пачатковага навучання (у царкоўнапрыходскіх
школах вучыліся ў першую чаргу дзеці сялян). Узмацніўся кантроль за
кантынгентам навучэнцаў сярэдняй школы. У 1887 г. міністр народнай адукацыі
выдаў цыркуляр «аб кухарчыных дзецях», якім забаранялася прымаць у
гімназіі дзяцей ніжэйшых саслоўяў гарадскога населыгіцтва. У гэты ж час
рэальныя вучылішчы былі пераўтвораны ў тэхнічныя вучылішчы, заканчэнне якіх не
давала права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вышэйшая адукацыя
таксама была ўзята пад больш жорсткі кантроль з боку царскай адміністрацыі.
Універсітэцкі статут 1884 г. фактычна ліквідаваў аўтаномію універсітэтаў у
кіраванні. 3 1887 г., каб паступіць ва універсітэт, трэба было прадаставіць
характарыстыКу аб «добранадзейнасці», а плата за год навучання павялічвалася
з 10 да 50 рублёў. Усё гэта, безумоўна, закранала інтарэсы жыхароў Беларусі,
дзе пасля закрыцця ў 1864 г. Горы-Горацкага земляробчага інстытута не засталося
ніводнай вышэйшай навучальнай установы і, каб атрымаць вышэйшую адукацыю^,
трэба было ехаць у іншыя мясціны.

Спробай ўзяць жыццё сялян
пад больш пільны кантроль урадавай адміністрацыі было ўвядзенне ў 1889 г.
інстытута земскіх начальнікаў. Яны назначаліся з дваран і мелі права ўмешвацца
ў рашэнні сельскіх сходаў, накладваць на сялян пэўныя пакаранні і спагнанні.
Праўда, на Беларусі, апасаючыся паланафільскіх настрояў, закон аб земскіх
начальніках царскія ўлады ўвялі толькі ў 1900 г. і толькі ў межах Віцебскай,
Магілёўскай і Мінскай губерняў.

У 1892 г. было
зацверджана новае Гарадское палажэнне, якое рэзка павышала маёмасны цэнз пры
выбарах органаў гарадскога самакіраванйя і ўзмацняла кантроль над ім з боку
ўрадавай адміністрацыі. Права ўдзелу ў выбарах гарадской думы пазбаўляліся не
толькі немаёмныя пласты гарадскога насельніцтва, але і дробная буржуазія —
дробныя гандляры, прыказчыкі і інш. Перавага аддавалася
дваранам-домаўладальнікам, буйной гандлёвай, прамысловай і фінансавай
буржуазіі, вынікам чаго стала рэзкае скарачэнне колькасці выбаршчыкаў.
Напрыклад, у Мінску ў 1893 г. яны склалі ўсяго 1 % насельніцтва горада
(памяншэнне ў 14 разоў у параўнанні з выбарамі паводле закону 1870 г.).
Паколькі ў гарадах Беларусі значную частку насельніцтва складалі яўрэі (у
сярэднім больш за 50 %), пераважная болыпасць якіх паводле свайго маёмаснага
стану адносіліся да беднякоў і таму не ўдзельнічалі ў выбарах органаў
гарадскога самакіравання, выкананне Гарадскога палажэння 1892 г. прымала на
Беларусі форму нацыянальнага прыгнёту.

Увогуле становішча на
Беларусі ўскладнялася рознымі абмежаваннямі ў дачыненні да польскага
(каталіцкага) і яўрэйскага насельніцтва. У сувязі з паўстаннем 1863 — 1864 гг.
палякам з 1865 г. забаранялася набываць маёнткі інакш як па спадчыне. Польскія
памешчыкі былі пазбаўлены магчымасці карыстацца льготнымі пазыкамі Дваранскага
банка. Беларускія сяляне-католікі маглі мець не болып за 60 дзесяцін зямлі на
сям’ю. Яшчэ з канца XVIII ст. Беларусь уваходзіла ў мяжу яўрэйскай аселасці. А
ў 1882 г. яўрэям было забаронена сяліцца за межамі гарадоў і мястэчак,
арандаваць і купляць зямлю. У пачатку 90-х гадоў на Беларусь была выселена
значная колькасць яўрэяў з гарадоў Цэнтральнай Расіі, у выніку чаго стварылася
штучная перанаселенасць беларускіх гарадоў. Яўрэяў не прымалі на работу ў
дзяржаўныя ўстановы, паліцыю, на афіцэрскія пасады ў арміі, на чыгуначны
транспарт. Існавала працэнтная норма прыёму яўрэяў у сярэднія і вышэйшыя
навучальныя ўстановы.

Талоўнай задачай, якую
ўрад ставіў перад сабой, праводзячы серыю контррэформ у сялянскім пытанні,
галіне народнай адукацыі^і друку, мясцовага самакіравання, было ўмацаванне
сваёй сацыяльнай базы — класа памешчыкаў, пазіцыі якога аказаліся значна
падарванымі аб’ектыўнымі ўмовамі сацыяльна-эканамічнага развіцця парэформеннай
Расіі. Іншай апоры сваёй улады царызм не бачыў і не жадаў бачыць. Тым не менш
ураду не ўдалося ў поўным аб’ёме ажыццявіць праграму контррэформ. Гэты працэс
быў спынены новым уздымам рэвалюцыйнйга руху ў краіне.

Рэформа 1861 г.,
праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла «прускі шлях» развіцця
аграрнага капіталізму ў Расіі. На Беларусі яго рысы былі яшчэ болып выразныя.
Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне. Паводле даных 1877 г., памепічыкам
належала 50,3 % зямлі, сялянам — 33,4, казне, царкве, розным установам — 11,2
%. Буржуазнае землеўладанне складала ўсяго 5,1 % ад агульнай зямельнай плошчы.
Памешчыцкае землеўладанне на Беларусі мела выразны латыфундыяльны характар.
Буйныя памешчыкі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін зямлі. Граф
Чарнышоў-Круглікаў меў 74,5 тыс. дзесяцін зямлі, князь Паскевіч — 83,5 тыс.,
граф Патоцкі — 121,6 тыс., князь Радзівіл — 150 тыс., а князь Вітгенштэйн —
амаль 1 млн. дзесяцін. У той жа час сялянскія надзелы складалі ў сярэднім ад 2
да 5 дзесяцін.

Пераход да
капіталістычнага гаспадарання на Беларусі адбываўся паступова. На змену
прыгонніцтву спачатку прыйшла змешаная сістэма гаспадаркі. Феадальныя рысы ў
сельскай гаспадарцы праяўляліся ў выглядзе адпрацовак. Адпрацовачная сістэма
была найбольш распаўсюджана ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. Яе сутнасць
заключалася ў апрацоўцы памешчыцкай зямлі інвентаром навакольных сялян, якія
атрымлівалі за сваю працу ад памешчыка зямельныя плошчы ў арэнду. У Віленскай,
Гродзенскай і Мінскай губернях памешчыкі ш;ырока выкарыстоўвалі працу наёмных
рабочых (гадавых, тэрміновых, падзённых), якія апрацоўвалі зямлю інвентаром
памешчыка, гэта была ўжо капіталістычная форма гаспадарання. Аднак і тут
адпрацоўкі займалі значнае месца.

Пасля рэформы 1861 г.
сельская гаспадарка ўсё шырэй уцягвалася ў рыначныя сувязі. Развіццё
капіталізму ў Беларусі адбывалася пад непасрэдным уплывам агульнарасійскага
рынку. У параўнанні з цэнтральнымі прамысловымі губернямі, значнай часткай
Украіны,

Польшчай і Прыбалтыкай
Беларусь адставала ў прамысловым развіцці і заставалася галоўным чынам
сельскагаспадарчым раёнам. Аднак па ўзроўні развіцця капіталізму ў сельскай
гаспадарцы яна ішла наперадзе многіх раёнаў Расіі. Гэтаму спрыяла, у
прыватнасці, геаграфічнае становішча Беларусі, праз тэрыторыю якой праходзілі
стратэгічныя і гандлёвыя шляхі ў Полыпчу, Прыбалтыку, Заходнюю Еўропу.

Хутчэй складваліся
капіталістычныя адносіны ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, дзе пасля
рэформы засталося менш перажыткаў прыгонніцтва і пераважала падворнае
землекарыстанне. Гэтыя губерні знаходзіліся і ў болып спрыяльным становішчы ў
параўнанні з Віцебскай і Магілёўскай адносна рынку збыту сельска-гаспадарчай
прадукцыі. Перш за ўсё прадпрымальніцкі характар набывала памешчыцкая
гаспадарка. У выніку малазямелля сялян таварная вытворчасць іх гаспадарак была
вельмі нізкай, таму асноўнымі пастаўшчыкамі таварнай прадукцыі на Беларусі былі
памешчыкі. Калі памешчыкі цэнтральных губерняў Расіі з 1877 па 1905 г. страцілі
27,2 % сваёй зямлі, то на Беларусі толькі 10,8 %. Многія памешчыцкія
гаспадаркі, асабліва на захадзе і ў цэнтры Беларусі, сталі на капіталістычны шлях
развіцця. У сваіх маёнтках памешчыкі адкрывалі вінакурныя, цагельныя,
смалакурныя заводы, млыны, лесапільні. Разам з тым многія памешчыкі самі не
вялі гаспадарку, а здавалі зямлю ў арэнду.

Аб развіцці капіталізму ў
сельскай гаспадарцы Беларусі можа сведчыць паступовая спецыялізацыя
сельскагаспадарчай вытворчасці. У першыя два дзесяцігоддзі пасля рэформы
важнейшай галіной гандлёвага земляробства заставалася вытворчасць зерня. Аднак
у выніку сусветнага аграрнага крызісу 80 — 90-х гадоў цэны на збожжа рэзка
знізіліся (толькі за 80-я гады больш чым у 2 разы). Збожжавыя гаспадаркі
Беларусі не былі здольны канкурыраваць на рынках Заходняй Еўропы з вытворцамі
таннага і высакаякаснага хлеба з ЗША, Аргенціны, Аўстраліі. Гэта прымусіла
беларускіх памешчыкаў пераходзіць на вытворчасць такіх прадуктаў, якія давалі
большы прыбытак. Паступова на Беларусі складваліся пэўныя раёны, дзе пераважную
ролю адыгрывала тая ці іншая гандлёвая галіна сельска-гаспадарчай вытворчасці і
да яе прыстасоўваліся ўсе іншыя.

У 90-я гады галоўнай
спецыялізаванай галіной у сельскай гаспадарцы Беларусі стала малочная
жывёлагадоўля. 3 1883 па 1900 г. колькасць буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх
гаспадарках Беларусі вырасла з 505,2 тыс. да 994,8 тыс. галоў, а ў Мінскай і
Віцебскай губернях — у 2,2 раза. Дзякуючы высокаму попыту малочныя прадукты
мелі пастаянны збыт у Цэнтральнай Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы. Важным відам
гандлёвага прадпрымальніцтва ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі было
вінакурэнне. Ад продажу спірту памешчыкі атрымлівалі буйныя даходы. 3 сярэдзіны
60-х гадоў у памешчыцкіх гаспадарках інтэнсіўна развівалася свінагадоўля.

У Мінскай і Гродзенскай
губернях значнага развіцця дасягнула танкарунная авечкагадоўля.

Спецыялізацыя памешчыцкай
гаспадаркі і павелічэнне яе рыначных сувязей асабліва ярка праявіліся ў
пашырэнні вытворчасці тэхнічных культур. Сярод іх першае месца займала бульба.
Плошча пад бульбу за 1881 — 1899 гг. узрасла ў 2,5 раза. Другое месца пасля
бульбы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі належала лёну. Яго вытворчасць, асабліва
ў Віцебскай губерні, мела пераважна таварны характар. За апошнія два
дзесяцігоддзі XIX ст. плошча пад лён павялічылася на 48,5 %. Значнае месца ў
канцы XIX ст. у беларускіх губернях займала прамысловае садоўніцтва і
агародніцтва.

Капіталізацыя памешчыцкай
гаспадаркі Беларусі выклікала неабходнасць выкарыстання машын. У сярэдзіне 90-х
гадоў па распаўсюджванні розных сельскагаспадарчых прылад Беларусь знаходзілася
на другім месцы ў Расіі пасля Новарасійскага раёна. Лепш былі забяспечаны
машынамі памешчыцкія гаспадаркі Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тут даволі
шырока выкарыстоўвалі малатарні, веялкі, жняяркі, сеялкі. Менш іх было ў
Магілёўскай і Віцебскай губернях. Але ўсё ж у памешчыцкіх гаспадарках Беларусі
прымянялі ў асноўным адсталую ручную тэхніку.

Да пачатку XX ст.
перабудова сельскай гаспадаркі Беларусі на капіталістычны лад яшчэ далёка не
завяршылася. Адпрацовачная сістэма не была канчаткова адменена нават у
перадавых гаспадарках. Таксама захаваліся і іншыя перажыткі прыгонніцтва. На
Беларусі пераважала буйное памешчыцкае землеўладанне, а сяляне цярпелі ад
малазямелля. Апроч таго, за памешчыкамі засталіся сервітутныя землі—лясы,
сенажаці, выганы, за карыстанне якімі яны бралі з сялян грашовую плату або
прымушалі працаваць на панскім полі. У дадатак да цяжкіх эканамічных умоў
свайго існавання сяляне ў прававых адносінах заставаліся ніжэйшым саслоўем у
дзяржаве. У адрозненне ад дваранства, духавенства і купецтва, яны плацілі
дзяржаве падушны падатак, выкупныя плацяжы, пазямельны падатак, выконвалі падводную,
дарожную, паліцэйскую павіннасці. Да іх прымяняліся цялесныя пакаранні.

Феадальныя перажыткі
стрымлівалі развіццё капіталістычнага бессаслоўнага землеўладання, якое нават у
пачатку XX ст. на Беларусі складала толькі 16,5% агульнай зямельнай плошчы.
Працэс распаду дваранскай зямельнай уласнасці на Беларусі ішоў значна марудней,
чым у Цэнтральнай Расіі. Да пачатку XX ст. сельская гаспадарка Беларусі ўсё яшчэ
заставалася напаўпрыгонніцкайнапаўкапіталістычнай.

Прамысловасць Беларусі
развівалася ў цеснай сувязі з агульнарасійскай, але мела і свае асаблівасці.
Характэрнай рысай» прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове XIX ст.,
разам з адносна хуткім ростам фабрычнай індустрыі, было пашырэнне дробнай
вытворчасці і мануфактур, пераважна невялікіх фабрычна-заводскіх
прадпрыемстваў.

У 60-я гады XIX ст. у
прамысловасці Беларусі пераважалі дробныя рамесныя прадпрыемствы і мануфактуры.
На іх выкарыстоўвалася ручная праца. Перш за ўсё гэта промыслы па перапрацоўцы
мясцовай сыравіны: дрэва (сталярны), гліны (ганчарны), скуры (кушнерскі,
шавецкі), шэрсці і льну (ткацкі). Рамесніцкая вытворчасць канцэнтравалася ў
гарадах і шматлікіх мястэчках. Да канца стагоддзя назіраўся рост колькасці
дробных рамесных прадпрыемстваў, павялічваўся аб’ём іх прадукцыі. У канцы 90-х
гадоў рамесніцтва давала 34,5% прадукцыі ад усёй прамысловасці Беларусі.

Пасля рэформы 1861 г.
паскорыўся рост мануфактурнай вытворчасці. Тут выкарыстоўвалася ручная праца,
але існаваў яе падзел па спецыяльнасцях. Мануфактуры ўзнікалі з сялянскіх промыслаў
і гарадскога рамяства. У канцы XIX ст. мануфактуры пераважалі ў гарбарнай,
ганчарнай, цагельнай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці і давалі 32,5%
валавой прамысловай прадукцыі Беларусі.

Нягледзячы на вялікую
долю рамеснай і мануфактурнай вытворчасці, на Беларусі на працягу другой паловы
XIX ст. ішоў працэс пераходу ад ручной працы да машыннай. Рамяство і
мануфактуру паступова выцясняла капіталістычная фабрыка. Калі ў 1860 г. на
Беларусі дзейнічала толькі 30 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, то ў 1900 г.
іх было ўжо 799 (рост у 27 разоў). За гэты ж час колькасць рабочых узрасла з
2,9 да 31,1 тыс., У канцы стагоддзя фабрычна-заводская прамысловасць давала 33%
валавога прадукту.

Значна адставала Беларусь
ад Расіі па ўзроўні канцэнтрацыі вытворчасці. Дробныя прадпрыемствы (да 50
рабочых) складалі ў нас 85,5% ад усіх фабрык і заводаў. Калі прадпрыемствы,
якія мелі болып за 500 рабочых, у расійскай прамысловасці займалі 3,5 %, то ў
беларускай — толькі 1,2 %. Сярэдні памер прадпрыемстваў Беларусі быў у 2,3 раза
меншы, чым увогуле па Расіі. У той час нетры Беларусі не былі вывучаны.
Адсутнічала сыравіна для цяжкай прамысловасці, таму на Беларусі гэта
прамысловасць развівалася вельмі марудна. Пераважнае значэнне тут атрымалі
галіны вытворчасці, звязаныя з перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Сярод іх
вядучая роля належала вінакурэнню і лясной прамысловасці.

Беларусь з’яўлялася адным
з галоўных раёнаў вінакурэння ў Расіі. Тут у 1890 г. дзейнічала 18% ад усіх
вінакурных заводаў краіны. У 1900 г. на вінакурных заводах Беларусі працавала
470 паравых рухавікоў, валавая прадукцыя складала 23,5% ад усёй прадукцыі
прамысловасці Беларугі. Лесапільная прамысловасць па колькасці занятых рабочых
стаяла на другім месцы пасля вінакурэння. Аднак фабрычна-заводскія прадпрыемствы
занялі ў галіне пануючае становішча толькі ў 90-х гадах.

Значнае развіццё на
Беларўсі атрымалі запалкавыя і папярова-кардонныя прадпрыемствы. Напрыклад, у
Мінскай губерні ў 1900 г. дзейнічалі чатыры запалкавыя фабрыкі: Барысаўская
(759 рабочых), Мазырская (616), Пінская (590) і Койданаўская (208 рабочых). Па
колькасці працуючых на іх гэтыя фабрыкі былі найбуйнейшыя ў губерні. Сярод
папяровых фабрык буйнейшай з’яўлялася Добрушская (900 рабочых і гадавая сума
вытворчасці 1,6 млн рублёў). Да таго ж яна была абсталявана навейшымі па тым
часе машынамі.

Вельмі шмат было на
Беларусі прадпрыемстваў, звязаных з перапрацоўкай сельскагаспадарчай сыравіны:
мукамольна-крупяныя, крухмальна-патачныя, маслабойныя, піваварныя, тэкстыльныя,
ільно-і пенькаапрацоўчыя, гарбарныя. Значнае развіццё атрымала тытунёвая
прамысловасць, якая працавала на завознай сыравіне. Буйнейшай з’яўлялася
тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне. У 1900 г. на ёй працавала 1445
рабочых. У другой палове XIX ст. хуткі рост гарадоў і развіццё прамысловага
будаўніцтва выклікалі патрэбу ў вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў. На
Беларусі атрымала развіццё ў першую чаргу вытворчасць цэглы. Існавалі таксама
шклозаводы і прадпрыемствы па вытворчасці кафлі.

Прамысловасць Беларусі
пасля рэформы 1861 г. развівалася нераўнамерна. Калі ў першыя два дзесяцігоддзі
ўдзельная вага ўсіх прадпрыемстваў Беларусі, якія ўзніклі ў гэты час, складала
18,5%, а ў Расіі — 23,4%, то ў 80 — 90-я гады на Беларусі ўведзена ў дзеянне
фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у 4 разы болып, чым за папярэднія 20 гадоў (у
Расіі толькі ў 2,6 раза). Значнаму павелічэнню тэмпаў развіцця прамысловасці
Беларусі спрыяла стварэнне густой сеткі чыгуначных дарог, а таксама інвестыцыі
капіталу і арганізацыя крэдытных устаноў. Развіццё капіталізму ў эканоміцы
Беларусі не магло абыходзіцца без дзейнасці развітай сістэмы транспарту.
Асабліва важным для прамысловасці, узмацнення таварнасці сельскай гаспадаркі,
гандлёвых сувязей і фарміравання рынку быў чыгуначны транспарт.

Першай чыгункай, якая
пракладзена па тэрыторыі Беларусі, стала Пецярбургска-Варшаўская, пабудаваная ў
1862 г. Яна прайшла праз Гродна. У 1866 г. адкрыта Рыга-Арлоўская чыгунка праз
Дзвінск -Полацк — Віцебск. Асабліва інтэнсіўна чыгуначныя магістралі будаваліся
ў 70 — 90-х гадах. У 1871 г. пачала дзейнічаць Маскоўска-Брэсцкая магістраль
(Смаленск — Орша — Баранавічы — Брэст); у 1871 — 1874 рг. — Лібава-Роменская
(Вільня — Маладзечна — Мінск -Асіповічы — Бабруйск — Жлобін); у 1873 г. — Брэст
— Ковель; у 1882 г. -Пінск — Жабінка; у 1886 г. — Лунінец — Гомель і Беласток —
Баранавічы.-Чыгуначнае будаўніцтва працягвалася і ў наступныя гады. Чыгунка
звязала Беларусь з цэнтральнымі губернямі Расіі, буйнымі эканамічнымі цэнтрамі
краіны — Пецярбургам, Масквой, Кіевам, прыбалтыйскімі портамі.

Значную ролю адыгрываў
рачны транспарт. Водныя шляхі праходзілі па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы. Водны
транспарт у 1900 г. налічваў 310 непаравых і 23 паравых судны.

Працягваўся рост гарадоў.
Мінск, Віцебск, Гомель, Жлобін, Лунінец, Брэст, Баранавічы ў выніку развіцця
чыгункі сталі буйнымі чыгуначнымі вузламі і гандлёва-прамысловымі цэнтрамі.

Пашырыўся гандаль.
Пераважаў вываз сельскагаспадарчай сыравіны, лясных матэрыялаў, такіх
прамысловых тавараў, як запалкі, папера і кардон, цэгла, кафля і аконнае шкло,
вяроўкі і канаты, спірт, малочныя прадукты, жытняя і бульбяная мука і г.д.
Прывозілі ж на Беларусь метал, мануфактурныя тавары, соль, збожжа.

Беларусь на мяжы XIX — XX
стст. заставалася, як і раней, адным з тых эканамічных раёнаў, характар
прамысловага развіцця якіх вызначаўся спецыялізацыяй на апрацоўцы мінеральнай
сыравіны, сельскагаспадарчай прадукцыі. Як і раней, развіваліся харчовая,
тэкстыльная, гарбарная, сілікатна-цагельная і іншыя галіны прамысловасці.
Болыпасць фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў былі невялікімі, з колькасцю
рабочых да 50 чалавек. Развіццё капіталізму ў прамысловасці выявілася ў
паступовым выцясненні дробнай вытворчасці і мануфактуры заводскай вытворчасцю.
Аднак працягвалі расці дробная і мануфактурная вытворчасці, прычым на працягу
ўсяго названага перыяду яны пераважалі.

У пачатку XX ст.
узмацніўся працэс канцэнтрацыі прамысловасці. Да 1900 г. на 50 прамысловых
прадпрыемствах з колькасцю рабочых болыш за 100 чалавёк працавала 24% ад усіх
рабочых. Да буйных прадпрыемстваў адносіліся льнопрадзільная фабрыка
«Дзвіна» ў Віцебску (каля 1000 рабочых), папяровая фабрыка ў Добрушы,
фабрыка «Нёман» у Лідскім павеце па вырабу крышталёвага шкла,
тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, запалкавыя фабрыкі
«Прагрэс-Вулкан» у Пінску, «Вікторыя»,ў Барысаве і інш.

Канцэнтрацыя вытворчасці
і капіталу прывяла да стварэння ў Беларусі манапалістычных аб’яднанняў, якія
выцеснілі дробную вытворчасць. 3 1900 па 1907 г. перастала існаваць каля 4650
саматужна-рамесных майстэрняў. Колькасць рамеснікаў і саматужнікаў зменшылася
на 4,6 тыс. чалавек. У Мінску дзейнічалі акцыянерныя таварыствы залалкавай
фабрыкі «Маланка» і крухмала-патачнага завода «Сокал», у
Гродне — акцыянернае таварыства тытунёвай фабрыкі Шарашэўскага. У 1905 г. у
Копысі Магілёўскай губерні ўзнік сіндыкат уладальнікаў кафельных заводаў, а ў
1906 г. у Оршы — сіндыкат діваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю. Усё ж
манапалізацыя прамысловасці была параўнальна невялікая, да 50% прамысловай
вытворчасці працягвалі складаць саматужна-рамесныя цэхі. Таму асноўныя рысы,
характ&рныя для манапалістычнай стадыі развіцця капіталізму, у Беларусі
праявіліся не так выразна, як у прамыслова развітых раёнах Расіі.

Разам з тым неабходна
падкрэсліць, што дробная вытворчасць паступова трапляла пад уплыў і залежнасць
ад буйнога капіталу.

У сельскай гаспадарцы
капіталізм праяўляўся ў першую чаргу ў развіцці таварнай вытворчасці. У
гаспадарках памешчыкаў, а так-сама заможных сялян галоўнай галіной заставалася
вытворчасць збожжа. Пачынаючы з 80 — 90-х гадоў XIX ст. усталёўвалася
спецыялізацыя на малочнай жывёлагадоўлі і свінаводстве, развівалася танкарунная
авечкагадоўля, як і раней, было развіта вінакурэнне.

Вядучую ролю ў эканоміцы
пачалі адыгрываць банкі. Акрамя аддзяленняў цэнтральных банкаў імперыі (у
Мінску, Магілёве, Віцебску, Гомелі, Пінску, Бабруйску і іншых гарадах) былі і
мясцовыя — Магілёўскі і Мінскі камерцыйныя банкі. У цэлым эканоміка беларускіх
губерняў, як і ўсёй краіны, на пачатку XX ст. перажыла эканамічны крызіс.
Капіталізм у Беларусі пранікаў як у памешчыцкую, так і ў сялянскую гаспадарку,
уцягваў іх у арбіту рыначных адносін. Беларускія губерні адносіліся да раёнаў з
самым высокім узроўнем памешчыцкага землеўладання. Дваране складалі 2,8%
насельніцтва і распараджаліся болыпай часткай ворнай зямлі, а таксама ад 80 да
90 % усёй зямлі, у той час як сяляне (75,3% насельніцтва) валодалі 34,4%
ворыва. У сельскай гаспадарцы працягвалася спецыялізацыя на мясамалочнай
жывёлагадоўлі і вінакурэнні.

Нягледзячы на развіццё
капіталізму, у вёсцы захоўваўся ўвесь без выключэння набор прыгонных метадаў
гаспадарання і эксплуатацыі працы. 3-за ўціску сялян, галоўным чынам з боку
памешчыцкай гаспадаркі, на Беларусі не склалася развітая кулацкая гаспадарка.
На пачатку XX ст. беднякоў было прыкладна 61% ад усёй колькасці сялян, сераднякоў
— 28, заможных сялян — 11%.

Дваранства на Беларусі
налічвала 175 тыс. чалавек. Рускія памешчыкі (пасля трох падзелаў Рэчы
Паспалітай і паўстання 1863-18 64 гг. царызм актыўна насаджаў тут рускае
буйнапамеснае землеўладанне, узнагароджваў зямлёй і прывілеямі перш-наперш самых
адданых прастолу людзей) займалі пазіцыю захавання самадзяржаўнай улады,
афарбаванай у вялікадзяржаўны шавіністычны колер. Польскія памешчыкі,
эканамічная магутнасць якіх была абмежавана, але не знішчана, у палітычным
плане стаялі на пазіцыі адраджэння самастойнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772
г. Такая іх апазіцыйнасць царызму пры першых прыкметах пагрозы з боку ўрада
ператваралася ў вернападданніцкую пазіцыю.

Побач з буйнымі
землеўладальнікамі-памешчыкамі склаўся вельмі своеасаблівы пласт
дваран-фальваркоўцаў і засцянковай шляхты (паводле нацыянальнага складу
часткова апалячанай, у эканамічным плане землеўласніцкай, беззямельнай і з
чыноўніцкага асяроддзя). У палітычных адносінах землеўласніцкая шляхта ўсё
болып актыўна станавілася на шлях капіталістычнага гаспадарання, арыентавалася
на адраджэнне польскай дзяржавы і нярэдка выступала супраць беларускага
нацыянальна-вызваленчага руху. Дробнай і сярэдняй шляхце ў значнай меры была
ўласціва беларуская нацыянальная свядомасць. Гэта праслойка шляхты прыхільна
ставілася да нацыянальнавызваленчага руху.

Такім чынам,
сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі абазначанага перыяду характарызуецца
развіццём капіталізму ў эканоміцы, фарміраваннем элементаў імперыялізму ў
прамысловасці, паступовымі змяненнямі ў сацыяльнай структуры грамадства. Аднак
беларускія губерні ў цэлым заставаліся сельскагаспадарчым рэгіёнам, а ў
галіновай структуры прамысловасці паранейшаму вядучымі былі апрацоўка мясцовай
сыравіны, харчовая і лёгкая прамысловасць.

Спіс літаратуры

1.    150 пытанняў і
адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. З. Санько, І. Саверчанка — Вільня:
«Наша будучыня», 2002;

2.    Арлоў У.,
Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Вільня: «Наша
будучыня», 1999;

3.    Запавет Мураўёва,
графа Віленскага. Записка о некоторыхъ вопросахъ по устройству Северо-западнаго
края // Новы Час №11(16), 2003;

4.    Гісторыя
Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. / Я. К. Новік, Г. С. Марцуль, І. Л. Качалаў і інш. —
Мінск: «Універсітэцкае», 2000;

5.    Ігнатоўскі У. М.
Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. — Мінск: «Беларусь», 1992;

6.    Иллюстрированная
хронология истории Беларуси. — Минск: «БелЭн», 1998;

7.    История Беларуси
в документах и материалах / Авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В.Г. Мазец — Минск:
«Амалфея», 2000;

8.    Краіна Беларусь.
Ілюстраваная гісторыя / У. Арлоў, З. Герасімовіч. — Martin:
«Neografia», 2003;

9.    Нарысы гісторыі
Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. —
Мінск: «Беларусь», 1994;

10. Таляронак С. Генерал
Міхаіл Мураўёў 7-«Вешальнік» // Беларускі гістарычны часопіс №3,
1997.

Скачать реферат

Метки:
Автор: 

Опубликовать комментарий